Складаныя сказы. Простая мова. Тэсты

ТЭСТ 1
1.Адзначце складаназлучаныя сказы, паміж часткамі якіх не трэба ставіць знак прыпынку:
1) Дакранешся далонню да ландышаў-званочкаў і ад дзіўнага вясновага паху радасна стане на душы.
2) Уса з прытокамі бяжыць у Нёман а Пціч кіруе ў Дняпро.
3) У лянівага страха цячэ і печ не пячэ.
4) Цёмна і зябка.
5) Падарылі нам рабіны самыя каштоўныя рубіны і накапілі яблыні за лета шмат для нас ранетаў.

2. Адзначце складаназалежныя сказы, у якіх на месцы пропуску (пропускаў) трэба паставіць коску (коскі):
1) Варты самай высокай ацэнкі і вялікай удзячнасці “Буквар”_ з якога пачынаюць навучанне нашы дзеці.
2) Неяк мне мой сябар расказаў, што_ калі ў яго закончылася  жоўтая фарба, то ён атрымаў яе з каранёў крапівы.
3) Сонейка_ якое бліскучым праменнем увесь дзень асвятляла зямлю_ стала хіліцца на захад.
4) Радзіма мая там, дзе красуецца жыта_ і дзе паэму жыцця пішуць працай адкрытай.
5) Дзе нарадзіўся_ там і згадзіўся.

3. Адзначце бяззлучнікавыя сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць двукроп’е:
1) Я засвоіў на ўсё жыццё простую ісціну_ пад ляжачы камень вада не цячэ.
2) Будзь асцярожны_ крыўднай раўнадушнасцю, пагардлівасцю, кплівасцю, бяздушнасцю ў мітусні жыццёвай непрыкметна параніць можна сэрца чалавечае.
3) Алешнік стыне над ракою_ звіняць музыкі-камары.
4) Сталасць дрэва бачна па камлі_ чалавека сталасць – па сумленні.
5) Сонца пакупалася ў жыце_ адразу пацяжэлі каласы.

4. Адзначце схему, якая адпавядае прыведзенаму сказу (улічыце, што знакі прыпынку паміж часткамі сказа не пастаўлены):
Кожны раз, гледзячы на роўны жураўліны клін, мы нямала дзівімся з яго дасканаласці і мы абавязкова адчуваем трапяткі, хвалюючы сум сірацее неба, яшчэ ўчора радаснае, жаўруковае.
1) [  ] i [  ]:  [  ].                                   4) [  ] - і [  ]: [  ].
2) [  ], і [  ]: [  ].                                   5) [  ], і [  ], [  ].
3) [  ], і [  ] - [  ].

5.Адзначце складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак:
1) Я ўдзячны лёсу, што з усіх краёў ён выбраў для мяне навекі гэты, дзе бальшакі прастуюць між гаёў, а па сцяжынках коцяцца ранеты, дзе Нарач мые сінія шаўкі і п’юць з Дняпра паўдзённыя вясёлкі, дзе салаўямі дражняцца шпакі і не змаўкаюць перапёлкі.
2) Кожны новы дзень вясны дорыць новыя галасы: дзесьці раздаюцца посвісты попаўзняў, зацёхкае ў гаі ці ў даліне ракі салавей, бы на флейце іграе івалга.
3) Дні прабягаць, і гады сплываюць, хвіліны шчасця часам прамільгацяць, а боль жыве, і сэрцам адчуваю, што жыць заўсёды будзе, да канца.
4) Неахвотна адступае зіма, але доўгачаканая вясна ўсё настойлівей грукае ў дзверы, і кожны новы дзень прыносіць змены.
5) Непісьменныя продкі ведалі, у які дзень, у якую нават часіну трэба выязджаць на поле з сахою і пры якіх умовах трэба сеяць тую ці іншую збажыну, ім дастаткова было ўбачыць першы вырай, каб з упэўненасцю сказаць, якім будзе авёс.

В-2.
1.Адзначце складаназлучаныя сказы, паміж часткамі якіх не трэба ставіць знак прыпынку:
1) Крануўся гружаны лесам цягнік і здрыгануліся, быццам спалохаўшыся, рэйкі.
2) Ад лютай летняй спёкі гарыць сухі пясок і пачарнеў нахмураны лясок.
3) Аблачыны над лесам сцелюцца пярынай і малочны туман ахінуў апусцелыя паплавы.
4) Сіверна і няўтульна.
5) Вясковы ветрык любіць сады калыхаць а гарадскі вятрыска імкнецца выскачыць з-за вугла, схапіць што-небудзь і пабегчы ў суседні завулак.
2. Адзначце складаназалежныя сказы, у якіх на месцы пропуску (пропускаў) трэба паставіць коску (коскі):
1) Дзе летам кветак карагод_ там пчолы звонка гудуць, збіраючы мёд.
2) Вербы_ якія стаялі вакол возера_ пасерабрыў іскрысты іней.
3) Другі месяц вясны мы завём красавіком_ бо зямля ў гэты час па-сапраўднаму красуе.
4) Матуля казала, што_ калі трайная вясёлка з’яўляецца ў час дажджу, то ўвесь тыдзень з дажджамі будзе.
5) Сяджу ў альтанцы дацямна, чакаючы хвіліны, калі вакол аціхне мітусня_ і калі выйдзе месяц дзіўны..
3. Адзначце бяззлучнікавыя сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць двукроп’е:
1) Ляжаць ранеты жоўтыя, шафран і размарын_ мне ж не стае антонаўкі з маёй, сябры, зямлі.
2) Самае сіняе роднае неба_ самае шчырае бацькоўскае сэрца.
3) Пашанцавала майму брату_ прырода адарыла яго прыгожым голасам.
4) У нашай вёсцы хадзіла пагалоска_ ў цёплыя краіны журавы пад крыламі нясуць ластавак.
5) Вясна прыйдзе маладая_ ўсюды песні загучаць.
4. Адзначце схему, якая адпавядае прыведзенаму сказу (улічыце, што знакі прыпынку паміж часткамі сказа не пастаўлены):
                Як і ў іншых народаў, у беларусаў дэкор адзення суладны з народнымі песнямі, танцамі, пейзажам і яго афармленне з’яўляецца вельмі інфарматыўным яно можа расказаць пра месца нараджэння чалавека, пра яго лад жыцця
1) [  ], i [  ] – [  ].                                   4) [  ] – і [  ]: [  ].
2) [  ], і [  ], [  ].                                     5) [  ] і [  ]: [  ].
3) [  ], і [  ]: [  ].
5.Адзначце складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак:
1) Хоць і даўно супакоіўся вецер, хвалі каціліся і каціліся – барвовыя, частыя, а між хвалямі ляжала мора.
2) Глядзіш – і ўсё, што перажыў ты: няўдачы, горкія расчараванні, бяссонныя ночы – усё саступае далёка-далёка, а перад табою адно, радаснае, дарагое і такое значнае для цябе – вынік.
3) Ад гэтага запытання я страпянуўся, зірнуў на чалавека з рудой, калматай барадой, у брызентавым плашчы з настаўленым башлыком, быццам чалавек сабраўся на дождж.
4) Паветра такое крыштальна-чыстае, якім бывае толькі ў асобныя дні верасня, калі восень робіць першыя крокі, пасылаючы на зямлю лёгкі, бадзёры халадок.
5) У маім пакоі зноў стала відна, але цяпер святло ўпала ўжо на сцяну, да якой быў прыстаўлены ложак: на асветленую частку столі ляглі карункавыя цені ад грушавага голля.

В-3
1.Адзначце складаназлучаныя сказы, паміж часткамі якіх не трэба ставіць знак прыпынку:
1) Горача і пустынна.
2) Расцвілі кветкі і ад пчол руплівых зазвінела зямля.
3) З усходам сонейка пачалі цінькаць сінічкі і салавейка свой канцэрт адкрыў.
4) Прыгінаюць і самых высокіх доўгія жыццёвыя гады і цішэюць, цішэюць крокі ў людзей немаладых.
5) Дождж сыпануў і пайшоў далей а залаціста-пурпуровая вясёлка павісла над ракой дугой.
2. Адзначце складаназалежныя сказы, у якіх на месцы пропуску (пропускаў) трэба паставіць коску (коскі):
1) Нашы продкі заўважылі, што_ калі вярба рана інеем пакрываецца, то будзе працяглая зіма.
2) Сцяжынка_ якая бегла праз жыта_ нагадвала жоўты ручаёк.
3) У 2004 годзе закончыўся выпуск “Беларускай энцыклапедыі”_ якая складаецца з 18 тамоў.
4) Кружыцца ў скверы кляновае лісце і не можа змірыцца, што будзе мець яно справу з зямліцай_ і што на сонцы не будзе больш красавацца.
5) Калі мая бабуля штосьці вышывала_ я любіла сядзець побач і назіраць.
3. Адзначце бяззлучнікавыя сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць двукроп’е:
1) Зямля нас корміць і поіць_ зямля нам сілы дае.
2) Прыйшоў працаваць_ няма чаго часу каратаць.
3) Бор заціх зялёны_ рэчка ледзь бруіцца.
4) Каля касы стаяла вялікая чарга_ сёння ў тэатры будзе прэм’ера.
5) Я ведаю добра старадаўні звычай_ госця трэба з хлебам-соллю сустракаць.
4. Адзначце схему, якая адпавядае прыведзенаму сказу (улічыце, што знакі прыпынку паміж часткамі сказа не пастаўлены):
                Некалі, памятаю, у вясельным караваі запякалі боб і дзяўчына, знайшоўшы яго ў выдзеленым ёй кавалачку, шчыра радавалася павінна была яна, па гэтай прыкмеце, у хуткім часе выйсці замуж.
1) [  ], i [  ] – [  ].                                     4) [  ], і [  ]: [  ].
2) [  ] – і [  ]: [  ].                                     5) [  ], і [  ], [  ].
3) [  ] і [  ]: [  ].
5.Адзначце складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак:
1) Дрыжалі аконныя шыбы, бразгалі дзверы, і дзіка завывала ў коміне.
2) Калі яны доўга глядзелі на гару, пачынаў дрыжаць у вачах малінавы захад і стукала ў галаве.
3) Імжыла цэлымі днямі, і рэдка калі сярод дня вецер размываў хмарны полаг, адкрываючы прысмужаную сонцам.
4) Свеціць вышчарблены месяц, бледнае святло яго прабіваецца праз лісце ліпы, цень ад якога кладзецца на зямлю.
5) А вечарам, калі па вёсцы клапатліва задзынкаюць начныя жукі да пачнуць моўчкі ныраць з-за вуглоў чорныя кажаны, калі пранясецца над вёскай ціхі подых начнога спакою, над Дняпром тады пальецца беларуская звонкая песня.


 ТЭСТ 2
Адзначце прапушчаныя ў сказе знакі прыпынку:
В-1.
         Звяртаючы ўвагу на жанравую арыгінальнасць паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”, літаратуразнаўцы прыходзяць да высновы, што вызначэнне яе жанру як лірыка-эпічнай або рамантычнай паэмы вельмі ўмоўнае і з гэтым нельга не пагадзіцца паэма “Сымон-музыка” не толькі спалучае ў сабе прыкметы рэалістычнага, рамантычнага, лірычнага твора, але і незвычайна багата на глыбокія філасофскія разважанні, прачулыя лірычныя адступленні, алегарычныя казкі.
1)    Кропка з коскай;                                            4) дужкі;
2)    коска;                                                              5) працяжнік.
3)    двукроп’е;
В-2.
Цэлы пласт беларускіх назваў паселішчаў сфарміраваўся менавіта на аснове земляробчай тэматыкі і гэта лёгка растлумачыць найважнейшым заняткам і клопатам нашчадкаў летапісных крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, якія моцна звязалі свой лёс з суровымі рэаліямі лясіста-балоцістага краю, было рольніцтва – культурнае асваенне лясной зямлі, распрацоўка лесу пад ворыва і сенажаць.
1)    Кропка з коскай;                                          4) двукроп’е;
2)    працяжнік;                                                   5) дужкі.
3)    коска;
В-3.
         Паэтка Яўгенія Янішчыц не ўяўляла свайго жыцця без бацькоўскай зямлі, без Палесся, і гэта зразумела толькі тут, у звыклай з дзяцінства атмасферы, сагрэтая цяплом людской увагі, чулай спагадай землякоў, яна адчувала сябе нязмушана, натуральна, толькі землякі, працавітыя людзі беларускага Палесся, як ніхто іншы, натхнялі яе на стварэнне праўдзівых, індывідуальна адметных лірычных герояў.
1)    Коска;                                                         4) дужкі;
2)    кропка з коскай;                                        5) двукроп’е.
3)    працяжнік;
В-4.
Палессе, асабліва яго глыбінная частка – Піншчына, здаўна прыцягвае ўвагу вучоных-лінгвістаў і зразумела чаму сёння гэты паўднёва-заходні рэгіён Беларусі, аддзелены ў мінулым ад навакольнага свету непраходнымі балотамі і пушчамі, па-ранейшаму застаецца найбольш самабытным, а ў мове палешукоў захаваліся самыя розныя рэлікты даўніх эпох.
1)    Коска;                                                  4) двукроп’е;
2)    кропка з коскай;                                 5) дужкі.
3)    працяжнік;
В-5.
         Беларускія нацыянальныя танцы часта параўноўваюць са складанымі перапляценнямі ўзораў, якімі аздабляюцца вырабы народнага ткацтва і вышыўкі і гэта небеспадстаўна ў танцы, толькі ўжо пры дапамозе рухаў, адбываецца перапляценне разнастайных элементаў, цікавых пераходаў, кожная танцавальная фігура заключае ў сабе сімвалічны сэнс, патрабуе дасканалай манеры выканання.

ТЭСТ 3
Бяззлучнікавыя складаныя сказы

1. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць двукроп’е:
1.Хаты адсюль зусім не відаць_ яе затуляе старая чаромха.
2. Плошчы зусім не пазнаць было_ асфальтаваная і акаймаваная ліпамі, яна набыла іншы выгляд.
3. Адшалясцеў барвовым лісцем кастрычнік_ мінулі халодныя лістападаўскія ночы.
4. Васіль адчувае_ да лесу ён не дойдзе.
5. Жураўлі ляцяць нізка_ зіма ўжо блізка.

2. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску:
1.Навокал была крапіва_ рос дзядоўнік, цвіў мак-самасей.
2.Барада няроўная ў дзеда_ адна палавіна густая, другая рэдкая.
3. Стажок парадкам абскубаны_ стаіць ён блізка ля дорогі.
4. Апаласні халоднай вадой твар_ сон як рукой зніме.
5. Дні былі спякотныя_ неба глыбілася нязмерна высокае, неабсяжнае сонца зіхацела іскрыстым кругам.

3. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць працяжнік:
1.Мікола меўся ў наступным годзе ставіць новы зруб_ бацькава хаціна стала ўжо трухляццем.
2. У вёсцы палалі агні, дыміліся паходныя кухні_ гатавалася агульная вячэра.
3. Цішэў вецер_ праз мутную павалоку хмар дзе-нідзе праразаліся мігутлівыя зоркі.
4. Ён спрабаваў гукаць_ ніхто не адказвае.
5. Станеш тварам да сонца, пастаіш_ яно высушыць слёзы.

4. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць кропку з коскай:
1.У аголеных кустах пашумліваў вецер_ маркотна шуршэлі белыя струмяні снегу ў парыжэлай траве.
2. Адспявала лета песні, усе сабрала каласы_ пад сасонкамі, на ўзлессі, расцвітаюць верасы.
3. Апранаюцца ў зеляніну хмызнякі_ зямля, атуленая цяплом, чакае блізкай навальніцы.
4. Пры самай дарозе гнілі сыраежкі, абабкі_ іх не было каму браць.
5. Трапечуць чырванаватым лісцем маладыя асінкі_ хваляцца сваімі ярка-чырвонымі гронкамі стройныя рабінкі.

ТЭСТ 4
Адзначце сказ, у якім правільна пастаўлены знакі прыпынку пры простай мове:

1

1) “Мяне ў Полацку вельмі ўразіў помнік літары ‘ў’ – паведаміла вучаніца, – які адначасова з’яўляецца і сонечным гадзіннікам”.
2) “Мяне ў Полацку вельмі ўразіў помнік літары ‘ў’, – паведаміла вучаніца, – які адначасова з’яўляецца і сонечным гадзіннікам”.
3) “Мяне ў Полацку вельмі ўразіў помнік літары ‘ў’ – паведаміла вучаніца: – які адначасова з’яўляецца і сонечным гадзіннікам”.
4) “Мяне ў Полацку вельмі ўразіў помнік літары ‘ў’, – паведаміла вучаніца, які адначасова з’яўляецца і сонечным гадзіннікам”.
5) “Мяне ў Полацку вельмі ўразіў помнік літары ‘ў’, – паведаміла вучаніца: – які адначасова з’яўляецца і сонечным гадзіннікам”.

2

1) ”Чым мацнейшы першы ўдар грому – падзяліўся са мною народнай прыкметай сусед: – тым лепшым будзе ўраджай”.
2) ”Чым мацнейшы першы ўдар грому, – падзяліўся са мною народнай прыкметай сусед, тым лепшым будзе ўраджай”.
3) ”Чым мацнейшы першы ўдар грому, – падзяліўся са мною народнай прыкметай сусед, – тым лепшым будзе ўраджай”.
4) ”Чым мацнейшы першы ўдар грому, – падзяліўся са мною народнай прыкметай сусед: – тым лепшым будзе ўраджай”.
5) ”Чым мацнейшы першы ўдар грому – падзяліўся са мною народнай прыкметай сусед, – тым лепшым будзе ўраджай”.

3

1) ”Творчую фантазію Яна Баршчэўскага абудзілі падарожжы па Беларусі – адзначыў лектар. – Яго вельмі ўразіла ўбачанае і пачутае падчас вандровак”.
2) ”Творчую фантазію Яна Баршчэўскага абудзілі падарожжы па Беларусі, – адзначыў лектар. – Яго вельмі ўразіла ўбачанае і пачутае падчас вандровак”.
3) ”Творчую фантазію Яна Баршчэўскага абудзілі падарожжы па Беларусі – адзначыў лектар: – Яго вельмі ўразіла ўбачанае і пачутае падчас вандровак”.
4) ”Творчую фантазію Яна Баршчэўскага абудзілі падарожжы па Беларусі, – адзначыў лектар: – Яго вельмі ўразіла ўбачанае і пачутае падчас вандровак”.
5) ”Творчую фантазію Яна Баршчэўскага абудзілі падарожжы па Беларусі – адзначыў лектар – Яго вельмі ўразіла ўбачанае і пачутае падчас вандровак”.

4

1)  ”Летам сонца амаль не спіць, – не жадаючы рана прачынацца, кажу я бабулі. – Не паспела зайсці, як ужо ўстае”.
2)  ”Летам сонца амаль не спіць – не жадаючы рана прачынацца, кажу я бабулі – Не паспела зайсці, як ужо ўстае”.
3) ”Летам сонца амаль не спіць – не жадаючы рана прачынацца, кажу я бабулі: – Не паспела зайсці, як ужо ўстае”.
4) ”Летам сонца амаль не спіць – не жадаючы рана прачынацца, кажу я бабулі. – Не паспела зайсці, як ужо ўстае”.
5) ”Летам сонца амаль не спіць, – не жадаючы рана прачынацца, кажу я бабулі: – Не паспела зайсці, як ужо ўстае”.

5

1) ”Я цяпер разумею, чаму бяроза называецца дрэвам жыцця – заўважыў сябар. – Ля яе добра адпачываць, набірацца сіл”.
2) ”Я цяпер разумею, чаму бяроза называецца дрэвам жыцця – заўважыў сябар – Ля яе добра адпачываць, набірацца сіл”.
3) ”Я цяпер разумею, чаму бяроза называецца дрэвам жыцця, – заўважыў сябар. – Ля яе добра адпачываць, набірацца сіл”.
4) ”Я цяпер разумею, чаму бяроза называецца дрэвам жыцця, – заўважыў сябар: – Ля яе добра адпачываць, набірацца сіл”.
5) ”Я цяпер разумею, чаму бяроза называецца дрэвам жыцця – заўважыў сябар: – Ля яе добра адпачываць, набірацца сіл”.

 Выберыце правільны варыянт сцверджання:

6

“Сяброўства ўзвышае чалавека, – сказаў я сыну – Адсутнасць жа сяброў робіць яго адзінокім і нелюдзімым”.
1) У сказе няправільна пастаўлены працяжнік;
2) у сказе прапушчана двукроп’е;
3) простая мова няправільна заключана ў двукоссе;
4) у сказе прапушчана кропка;
5) у сказе прапушчана коска.

 7

“Амстэрдам многія параўноўваюць з Венецыяй, але амстэрдамцы, – заўважыў экскурсавод – лічаць, што іх горад мае ўласнае аблічча”.
1) У сказе прапушчана кропка;
2) простая мова няправільна заключана ў двукоссе;
3) у сказе прапушчана двукроп’е;
4) у сказе няправільна пастаўлены працяжнік;
5) у сказе прапушчана коска.

8

“У старажытнасці людзі верылі ў гаючую сілу прыгожых гукаў, – расказваў музыкант – Сёння ўжо растлумачаны многія цудадзейныя ўласцівасці музыкі”.
1) У сказе прапушчана кропка;
2) у сказе прапушчана двукроп’е;
3) у сказе прапушчана коска;
4) у сказе няправільна пастаўлены працяжнік;
5) простая мова няправільна заключана ў двукоссе .

9

“У роднай хатцы і блін сонцам свеціць, – паўтараў часта мой сусед – У чужой жа хаце і печ не сагравае”
1) У сказе прапушчана коска;
2) у сказе прапушчана кропка;
3) у сказе няправільна пастаўлены працяжнік;
4) простая мова няправільна заключана ў двукоссе;
5) у сказе прапушчана двукроп’е.

10

“Грыбоў у лесе знойдзеш столькі, – хаваючы ўсмешку, навучаў малога пляменніка Васіль – колькі разоў пацалуеш першы грыб”.
1) у сказе прапушчана двукроп’е.
2) у сказе прапушчана кропка;
3) у сказе няправільна пастаўлены працяжнік;
4) у сказе прапушчана коска;
5) простая мова няправільна заключана ў двукоссе.



        

Комментариев нет:

Отправить комментарий